Sunday, October 30, 2011

Успаміны беларускага айца В. Гадлеўскага пра свае сустрэчы з мітрапалітам Шаптыцкім у Петраградзе ў 1917 г.



1925
У  1917  годзе  я  прыехаў  з  Мінска  ў  Петраград  і  тут  даведаўся  ад  беларуса  кс.  Ф.  Будзкага,  што  Яго  Эксэленцыя  Мітрапаліт,  вяртаючыся  з  маскоўскай  няволі  да  сябе  ў  Львіў,  затрымаўся  ў  Петраградзе.  Пры  гэтым  кс.  Будзкі  (зараз  ужо  нябожчык)  разпавёў  мне,  што  бачыўся  ды  размаўляў  з  Мітрапалітам,  і  што  Бацька  Ўкраіны  ня  вельмі  цікавіўся  нашаю  справаю.  Пастанавіў  і  я  ўбачыць  Высокага  Госця. 

Заходжу  я  ў  епіскапскі  палац,  дзе  затрымаўся  Яго  Эксцэленцыя.  Паведамілі  пра  мяне.  Доўга  чакаць  не  давялося   адразу  паведамілі,  што  Мітрапаліт  запрашае  да  сябе.  Прывітаўшыся,  Мітрапаліт  кажа:  на  якой  мове  будзем  размаўляць?  Я  адказваю,  што  няхай  Вашая  Эксцэленцыя  прамаўляе  па-ўкраінску,  а  я  буду  па-беларуску.  Пры  гэтым  дадаў,  што  ўкраінцы  ды  беларусы  заўжды  разумеюць  адзін  аднаго,  а  калі  нешта  і  не  разумеюць,  дык  адчуюць  сэрцам.  Мітрапаліт  ветліва  пасміхнуўся   і  мы  размаўлялі  ўвесь  час  кожны  па  свойму.
Мітрапаліт  цікавіўся  беларускаю  справаю  і  пытаўся  пра  той  рух,  які  разпачаўся  пасля  рэвалюцыі.  Я паведаміў  яму  пра  з'езд  беларускіх  дзеячоў,  які  адбыўся  ў  Мінску,  казаў  пра  народны  рух,  які  пачаўся  сярод  сялянства  ды  вайскоўцаў.  Яго  Эксцэленцыя  дэталёва  цікавіўся  ўсімі  праявамі  таго  руху.  Урэшце  Мітрапаліт  перайшоў  да  справы  ўніі  ды  запытаўся,  ці  магчымае  ў  Беларусі  пашырэньне  ўніі  і  калі  б  яно  магчымае  было,  то  якія  захады  былі  б  найлепшымі  для  гэтае  святой  ідэі    каб  усе  былі  адно   здзейсніліся  ў  жыцці.  Адказаў,  што  справа  ў  нас  даволі  цяжкая,  бо  расейскі  ўрад  пасеяў  страшэнны  антаганізм  паміж  беларусамі  праваслаўнымі  ды  каталікамі;  гэты  антаганізм  месцамі  перайшоў  у  поўную  нянавісць  адной  часткі  народу  да  іншай;  зараз,  дзякуючы  народнаму  беларускаму  руху,  адна  частка  народу  пачынае  пазнаваць  іншую  і,  пазнаючы,  пачынае  збліжацца  з  іншай.  Гэтае  збліжэньне  на  нацыянальнай  глебе  можа  прывесці  і  да  збліжэньня  на  рэлігійнае  глебе,  але  толькі  тады,  калі  нацыянальнае  ўсведамленьне  абдыме  шырокія  колы  народу  ды  інтэлігенцыі.  Урэшце  ў  нас  не  разумеюць  самога  слова  «унія»  -  так  паблыталіся  рэлігійныя  ўяўленьні  ды  стасункі.  А  на  гэтае  патрэбны  яшчэ  пэўны  час.
Паразмаўляўшы  яшчэ  пра  нашыя  супольныя  справы,  мы  развіталіся.  Колькі  вялікіх  думак  хавалася  ў  тых  пытаньнях  Мітрапаліта  і  колькі  было  разуменьня  для  нас,  беларусаў!  Зыходзячы,  я  ўсім  сэрцам  зайздросціў  украінцам  і  разважаў,  чаму  беларусы  ня  маюць  такога  Бацькі.
Шчаслівы  Ты,  Украінскі  Народ,  што  маеш  такога  Бацьку,  а  як  жа-ж  знядоленыя  мы,  беларусы,  што  дасюль  ня  маем  свайго  епіскапа!   казаў  я,  сустрэўшыся  з  а.  Ф.  Будзкім.   


Папулярныя артыкулы