Thursday, December 1, 2011

Пастановы ІІ Сабору Экзархаў Ап. Прэстолу ў справе аднаўленьня Экзархату і беатыфікацыі мітр. Руцкога.


Львіў,  1942
1.                  Сабор  зацвярджае  ў  цэлай  аснове  пастановы  І  Сабору  экзархаў  на  лацінскай,  расейскай,  украінскай  ды  беларускай  мовах. 
2.                  Сабор  размяжоўвае  экзархат  пакуль  што  вось  гэтак:  Да  Вялікарасейскага  экзархату  належаць  этнаграфічная  Вялікарасея,  Фінляндыя  ды  Сібір.  Вялікаўкраінскі  экэархат  абдымае  этнаграфічна  Вялікую  Ўкраіну,  Поділ,  Бесарабію,  Дон,  Кубань,  Крым  ды  Каўказ.  Валынскі  экзархат  складае  этнаграфічна  ўкраінская  Валынь  з  Жытомірам  і  Ўладзімірам  Валынскім,  Падляшша,  Холмшчына  ды  Валынскае  Палессе. Да  беларускага  экзархату  належыць  этнаграфічная  Беларусь  ды  прыбалтыйскія  дзяржавы. 
3.                  Сабор  абірае  протаса,  яго  намесніка  і  сакратара  на  трохгадовы  час.  Гэты  выбар  можа  быць  абноўлены  толькі  адзін  раз,  на  наступныя  тры  гады.  Іх  улада  трывае  да  часу  новага  абіраньня. 
4.                  Казаньні  да  народу  павінны  святары  казаць  на  народнай,  зразумелай  вернікам  мове. 
5.                  На  падставе  нашае  старажытнае  традыцыі  і  агульна  прынятае  практыцы,  дарослым  належыць  прымаць  хрост  у  такі  спосаб,  каб  яны  пры  гэтым  стаялі  ў  вадзе  і  на  іх  паліваецца  вадой. 
6.                  Супраць  пастановаў  “Духоўнага  рэглямэнту”  цара  Пятра  І  ды  намаганьняў  некаторых  свецкіх  уладаў  надужыць  Таямніцу  св.  споведзі,  Сабор  святочна  сцвярджае,  што  ў  аніякі  спосаб  і  пры  аніякіх  умовах,  нават  пад  пагрозаю  смерці,  недазволена  выяўляць  са  споведзі,  ні  пад  час  жыцця,  ні  пасля  смерці,  як  смяротнага,  так  і  найменьшага  лёгкага  граху,  і  нават  якой-небудзь  весткі,  якая  рабіла  б  споведзь  нянавіснаю.  Здраду  споведзі,  як  грэх  святатацтва,  Паўсюдная  Царква  карае  найцяжэйшымі  карамі. 
7.                  Сабор  дазваляе  па  згодзе  экзарха  прыймаць  у  лона  Паўсюднай  Царквы  з  правам  свяшчэннадзеяньня:  епіскапаў,  святароў  ды  дыяканаў,  маючых  сапраўдныя  свячаньні,  з  дастатковымі  багаслоўскімі  ведамі  ды  годным  маральным  захаваньнем. 
8.                  Сабор  забараняе  дапушчаць  да  свяшчэннадзеяньня  жанатых  епіскапаў,  па  свячаньнях  ажаніўшыхся  святароў  ды  дыяканаў. 
9.                  Святароў  адступнікаў  дазваляецца  прыймаць  толькі  такіх,  што  шчыра  навяртаюцца  ды  каюцца,  і  гатовыя  прыняць  адпаведныя  эпітыміі,  а  менавіта:  а)  адбыць  амаль  пяцідзённыя  духоўныя  выпраўленьні  (гавеньні);  б)  спавядацца  амаль  штомесяц  да  канца  жыцця;  в)  адбываць  штогадовыя  пяцідзённыя  духоўныя  выпраўленьні  (гавеньні);  г)  здаць  іспыт  з  багаслоўскіх  навукаў,  асабліва  э  тэалёгіі  дагматычнай  і  маральнай. 
10.              Склад  трыбуналу  як  ІІ  інстанцыі  таксама  і  для  сямейных  справаў  экзархату  протаса  прызначае  сам  протас  на  час  трываньня  свайго  выбару.  
11.              Сабор  даручае,  паводле  створаных  умоваў,  ужываць  ва  ўнійнае  практыцы  словы:  “Паўсюдная  Царква”,  “каталіцкая вера”,  “Усяленскі  Архіерэй”,   “Вярхоўны  пастыр”  і  т.п.,  а  замест  “схізматык”  і  “схізма”   “няз’яднаны  праваслаўны”  і  “няз’яднанае  праваслаў’е”.  Таксама  даручае  ў  дачыненьні  да  няяз’яднаных  праваслаўных  занядбаць  словы:  “місія”  і  “навяртаньня”. 
12.              З  націскам  падкрэсліваючы  неразрыўнасць  св.  Таямніцы  шлюбу,  Сабор  вырашае  зберагаць  усходняе  сямейнае  права,  дастасоўваючы,  згодна  з  патрабаваньнямі  цяперашняй  хвіліны,  паўнаўладдзе  Паўсюднай  Царквы  ў  справе  сямейных  перапон.
13.              Сабор  лічыць  за  патрэбнае  засноўваць  у  будучым  мужчынскія  ды  жаночыя  манастыры  са  ўсходняю  манаскаю  дысцыплінаю  для  манахаў  і  манахінь,  якіх  будзе  клікаць  Божая  ласка  да  св.  Паяднаньня.  Душпастырства  ў  іх  належыць  даверыць  дасведчанаму  душпастыру  візантыйска-славянскага  абраду.      
14.              Сабор  прыгадвае  святарам  ня  занядбоўваць  удзяленьня  св.  Таямніцы  ялеапамазаньня  ўсім  цяжка  хворым  верным,  што  ўжо  прыйшлі  ў  жыцці  да  ўжываньня  розуму.  
15.              Сабор  даручае  душпастырам  у  нядзелі  ды  святы  удзяляць  на  вячэрнях  таксама  і  дарослым  навуку  катэхізму.    
16.              Сабор  пастанаўляе  на  будучыню  дапаўняючыя  курсы  багаслоўя  для  духоўных,  што  вяртаюцца  да  св.  Еднасці,  па  адмыслова  намечанай  праграме.  
17.              Для  зацвярджэньня  ў  св.  Веры  трэба  таксама  ўжо  з  дзяцінства  рыхтаваць  дзяцей  ды  ўвогуле  яшчэ  не  абучаных  да  першай  св.  Споведзі  й  да  лепшага  разуменьня  св.  Прычасця.
18.              Сабор  даручае  малітвам  свецкага  і  манашага  духавенства  справу  кананізацыі  светлага  падвіжніка  св.  З’яднаньня  мітрапаліта  Язэпа  Руцкага  ды  ў  хуткім  часе  магчыма  разпачаць  патрэбныя  намаганьні  з  Апостальскім  Прэстолам.  
19.              Кал  і  ў  будучыні  далучыўся  б  да  св.  З’яднаньня  цэлы  манастыр,  то  трэба  яго  прыняць,  пакідаючы  яму  супольнае  кійнонійнае  жыццё  са  зберажэньнем  яго  статуту,  пры  наступных  ўмовах:  а)  усе,  асабліва  манахі  ці  манашкі,  павінныя  скласці  вызнаньне  веры;  б)  манастырская  рада  забавяжа  ўсіх  да  манастырскага  ўбоства,  усоўваючы  так  званую  ідзіарытмію;  в)  мець  манастырскую  агароджу,  забараніць  доступ  да  мужчынскіх  манастыроў  жанчынам,  і  да  жаночых  мужчынам;  г)  да  правядзеньня  гэтых  пастановаў  прыме часова  прызначанага  настаяцеля.  Тым,  якія  не  захацелі  б  прыняць  гэтых  умоваў,  можна  пакінуць  манастыр  і  жыць  бяз  новых  абавязкаў. 
20.              Сабор,  дазваляючы  святарам  зберагаць  у  меру  мясцовых  вымаганьняў  старарускую,  альбо  стараабрадскую  форму  нашага  абраду,  забараняе  іх  змешваць  паміж  сабою.





Андрэй,  Мітрапаліт
Мікалай,  экзарх-протас
а.  А.  Неманцэвіч
Экзарх  Кляменці
а.  Іосіф  Сліпій


Папулярныя артыкулы