Saturday, November 5, 2011

Успаміны беларускага айца А. Станкевіча пра свае сустрэчы з мітр. Шаптыцкім у Петраградзе ў 1917 г



1925
Памяць  мая  пра  Мітрапаліта  Андрэя  Шаптыцкага  сягае  часоў  сусветнае  вайны,  калі  ён,  падчас  займаньня  расейскім  войскам  мітраполічай  уніяцкай  сталіцы    Львіва,  па  загаду  расейскага  ўраду  быў  вывезены  ў  глыбіню  Расеі.

У  той  час,  будучы  студэнтам  Духоўнай  Каталіцкай  Акадэміі  ў  Петраградзе,  я,  а  таксама  і  той  гурток  студэнтаў  беларусаў,  да  якога  я  належыў,  вельмі  цікавіўся  беларускаю  справаю  ўвогуле,  гісторыяй  Беларусі,  гісторыяй  беларускае  культуры  і,  што  з  гэтым  звязана,  гісторыяй  рэлігійнай  Уніі  ў  Беларусі  ды  яе  гістарычным  уплывам  як  для  мінулага,  так  і  для  сучаснасці  Беларусі.     
Таму  нічога  дзіўнага  няма  ў  тым,  што  асоба  Мітрапаліта  Андрэя  Шаптыцкага  як  асяродку,  вакол  якога  існуе  ў  нашыя  часы  рэлігійная  ўнія  і  вакол  якога  гуртуецца  такое  блізкае  нам,  народнае  ўкраінскае  жыццё,  -  была  нам   беларускай  студэнцкай  духоўнай  моладзі  вельмі  вельмі  блізкай  і  каштоўнай.  У  нашым   гуртку  пра  Мітрапаліта  Шаптыцкага  з  вуснаў  у  вусны  пераходзіла  шмат  розных  легенд,  а  сярод  іх,  напэўна,  і  аповядаў  праўдзівых,  як  пра  царскага  зняволенага,  як  пра  чалавека  вялікіх  ідэй  рэлігійных  ды  народных.  У  нашае  працы  асоба  Мітрапаліта  Шаптыцкага  была  для  нас  апораю  ды  зоркаю.  
У  1917  г.  месяцы  зняволеньня  Мітрапаліта  скончыліся.  Вызваліла  яго  расейская  рэвалюцыя,  якая  перакуліла  стаўпы  царскага  дэспатызму.
Ніколі  не  забудуцца  тыя  часы,  калі  Мітрапаліт  Шаптыцкі,  ўжо  не  як  зняволенны,  а  як  магутны  валадар  ідэі,  з  цэнтру  Расеі  прыехаў  у  Петраград.  Украінцы  ды  беларусы,  бяз  розніцы  ў  веры  ды  перакананьнях,  разам,  са  слязьмі  на  вачах,  сустракалі  яго  на  вакзале  ды  шчыра  віталі.  Ад  імя  беларусаў  вітаў  тады  Мітрапаліта  наш  прафесар  Бр.  Шыпіла.  Выявілася,  што  нашая  любоў  да  Мітрапаліта,  якога  мы  ня  бачылі  раней  ніколі  ў  вочы,  была  ўзаемнаю.  Пасяліўшыся  ў  Петраградзе  (здаецца  ў  архіепіскапскім  палацы  на  Фантанцы)  і  ведаючы,  як  пазней  казаў  Мітрапаліт,  што  ў  Акадэміі  ёсць  беларусы,  пажадаў  з  імі  пабачыцца.  Адведаў  тады  Мітрапаліта  цяперашні  а.  В.  Гадлеўскі  ды  размаўляў  з  ім  пра  Ўнію  ў  Беларусі  і  пра  беларускую  народную  абрадавасць,  заклікаючы  праз  Гадлеўскага  нас  усіх  да  вытрываласці  ды  творчай  працы  на  роднай  беларускай  ніве.    
Памятую  таксама,  як  бегалі  да  мітрапаліта  семінарысты  беларусы  з  Петраградскай  Каталіцкай  Семінарыі  і  як  Мітрапаліт  таксама  падтрымаў  іх  ва  ўніяцкіх  ды  беларускіх  народных  перакананьнях.

Папулярныя артыкулы