Friday, October 21, 2011

Ліст да кардынала Яўгена Ціссэрана пра царкоўную сытуацыю ў Беларусі


14.08.1943,  Львіў
Вашая  эмінэнцыя!
Пасля  доўгіх  месяцаў  з  таго  моманту,  калі  экзарх  Неманцэвіч  знік,  гэтая  таямніца  яшчэ  не  была  вычарпальна  выяўленая.  Але  згодна  з  інфармацыяй,  якую  я  атрымаў,  здаецца  цалкам  пэўным,  што  ён  быў  забіты,  і  ўсе,  хто  цікавяцца  гэтаю  справаю,  заяўляюць  з  упэўненасцю,  што  прычынаю  ягонае  смерці  была  шавіністычная  нянавісць  праваслаўных  да  Ўніі.  Няма  магчымасці  атрымаць  больш  дакладных  звестак.  Спадзяюся,  што  Вашая  Эмінэнцыя  і  Св.  Айцец  атрымаюць  такія  звесткі  наўпрост  з  Вільні  альбо  ад  Альберціна.  Мы  настолькі  далёкія  ад  тых  аколіц,  што  ўвогуле  ведаем  мала.

Што  да  памёрлага  Экзарха,  прашу  Вашую  Эмінэнцыю  перш  за  ўсё  падбаць,  каб  Яго  Святасць  пакрыла  з  царкоўных  фондаў  усе  літургічныя  стыпэндыі,  якія  Экзарх  не  паспеў  адправіць.  Мне  здаецца  праўдападобным,  што  Ён  меў  яшчэ  даволі  вялікую  колькасць  такіх  абавязкаў  і  што  пасля  яго  знікненьня  ніхто  не  знайшоў  яго  кніжак  для  багаслужбовых  намераў.  Адзіны  толькі  Свяцейшы  Айцец  мог  бы  нагнаць  тыя  маральныя  даўгі.
Ён  меў  дарадцаў  і  вікарыя,  але  каталіцкі  клір  абодвух  абрадаў  спазнаў  гэткага  пераследу,  праз  які  зніклі  праз  смерць  альбо  вязьніцу  столькі  святароў,  што  здаецца  пэўным,  што  ўся  праца  на  карысць  Уніі  ёсць  папросту  прыдушана  і  не  падаецца  ані  дарэчным,  ані  магчымым  разпачаць  гэтую  працу  нанова.  Па  незразумелых  прычынах  праваслаўныя  агалошваюць  сябе  ворагамі  Ўніі  з  такім  фанатызмам,  што  выглядае  значна  больш  разважлівым  пачакаць  заканьчэньня  вайны,  калі  становішча  будзе  больш  зразумелым.  Вялікаю  шкодаю  з'яўляецца  тое,  што  больш  беларусаў  лічаць  гістарычную  Ўнію  XVI  стагоддзя  адным  з  няшчасцяў  беларускае  нацыі.  У  рэчаіснасці,  дзякуючы  палітыцы  Кацярыны  ІІ,  вялікая  колькасць  уніятаў,  святароў  ды  вернікаў,  перайшлі  да  лацінскага  абраду  дзеля  таго,  кааб  зберагчы  веру.  Гэтыя  лацінскія  каталікі  русінскай  альбо  расейскай  нацыянальнасцяў  спазналі  напрацягу  палутара  стагоддзя  паланізацыйную  палітыку  ад  вышэйшага  польскага  кліру.  Такім  чынам,  беларусы  згубілі  вялікую  колькасць  вернікаў,  якія  сталі  проста  палякамі.  Дзякуючы  гэткае  палітыцы,  што  і  яшчэ  зараз  трывае,  беларуская  акцыя  знаходзіцца  пад  небяспекай  страты  вялікай  колькасці  душаў.  З-за  таго,  што  пад  Расейскаю  Імпэрыяю  ўрад  не  талераваў  нацыянальнага  руху  беларусаў,  беларуская  нацыя  прайгравала  з  двух  бакоў,  а  менавіта:  праваслаўныя  беларусы  станавіліся  расейцамі,  а  каталіцкія  беларусы   палякамі.  Гэта  быў  пераслед  нацыі,  які  нішчыў  народ  з  двух  бакоў.  Насуперак  пераследам  беларускі  нацыянальны  Рух  заўжды  меў  сваіх  прыхільнікаў,  больш  шматлікіх  паміж  каталікоў,  чым  паміж  праваслаўных.  Яны  былі  далёкія  ад  нацыянальнага  шавінізму,  гэтых  некалькі  святароў  ды  некалькі  інтэлектуалаў,  што  былі  прадстаўнікамі  аднаўленьня  беларускай  нацыянальнасці.  Яны  жадалі  катэхізацыі  і  казаньняў  моваю  альбо  гаворкаю,  якімі  карыстаецца  народ.  На  гэтую  тэзу  нацыянальнай  партыі  прыйшла  адповедзь  з  абодвух  бакоў   праваслаўнага  і  каталіцкага,  -  што  народ  дастаткова  разумее  і  расейскую,  і  польскую  мовы,  і  таму  не  патрабуе  катэхізму  і  казаньняў  на  сваёй  мове.  Па  расейскаму  боку  дыскусій  не  было.  Усе  беларусы  сталіся  праваслаўнымі  «по  Указу».  З  боку  католікаў  былі  намаганьні  пераканаць  народ  ды  моладзь  у  тым,  што  народная  мова  не  надаецца  для  малітвы  і  для  вывучэньня  катэхізму,  а  што  хутчэй  яна  лепей  засвоіцца  ў  сельскай  гаспадарцы,  на  кухні  і  да  худобы.  Я  памятую  такую  рэч:  пад  час  майго  перабываньня  ў  Інсбруку,  дзе  некалькі  багасловаў  з  маёй  епархіі  былі  ў  езуіцкім  Канізіануме,  малады  беларускі  святар,  якога  лічылі  за  паляка,  прыйшоў,  шукаючы  мяне,  каб  запытацца  няпрама  і  з  ваганьнямі,  ці  гэта  быў  грэх  карыстацца  народнаю  моваю  для  вучэньня  ды  казаньняў.  Гэта  было  на  пачатку  ХХ  стагоддзя.  Я  таксама  памятую  зварот,  які  быў  прадстаўлены  настаяцельніцай  аднаго  польскага  рэлігійнага  зграмаджэньня,  які  быў  агучаны  на  правінцыяльным  эўхарыстычным  кангрэсе  ў  Польшчы.  Тая  настаяцельніца   прыводзіла  як  прыклад  выдатнага  плоду  сыстэмы,  адаптаванай  да  асветы  маладых  беларусаў,  наступнае:  што  адна  з  іхніх  вучаніцаў,  што  вярнулася  да  сваёй  праваслаўнай  сям'і  насмяхалася  з  малітваў,  якія  адмаўляліся  царкоўна-славянскаю  моваю  ды  сказала  сваім  бацькам,  што  трэба  маліцца  па-польску.  Тая  частка  звароту  была  вымаўленая  з  такою  нянавісцю,  што  кардынал  Гленд,  які  ніколі  ня  быў  сябрам  Уніі,  палічыў  патрэбным  заўважыць,  што  мэта  Кангрэгацыі   не  паланізацыя  народу.
Трэба  заўважыць,  што  гэтае  пытаньне  пра  малітву  ды  катэхезу  на  народнай  мове  было  асабліва  нагнечанае  расейскім  урадам,  які  імкнуўся  накінуць  рыма-каталікам  расейскую  мову  для  ўсіх  заходніх  набажэнстваў  лацінскага  абраду,  лічучы,  што  такім  чынам  будзе  рыхтавацца  русіфікацыя  беларусаў.  Забарона  ўжываньня  польскае  мовы  выглядала  як  абарона  перад  ўмяшаньнямі  ўраду,  што  вяло  да  схізмы.  Гісторыя  змаганьняў  навокал  ужываньня  заходняе  мовы  ў  лацінскім  абрадзе  была  бы  паказальнай  для  русінаў,  і  можна  было  б  звярнуць  асаблівую  ўвагу  на  розныя  фазы  ў  гэтае  гісторыі.
Гэтае  пытаньне  змянілася  ў  сваёй  форме,  але  застаецца  актуальным  і  надалей.  З  абодвух  бакоў  карыстаюцца  ім,  кааб  выклікаць  у  беларусаў  абрыджаньне  супраць  Уніі  і  Каталіцкае  Царквы.  Немцы  не  дазваляюць  ужываць  польскую  мову  ў  парафіях  русінскіх  епархіяў  Пінска  і  Вільні,  а  тыя  парафіі  складаюць  большасць,  бо  мала  парафіяў  ёсць  цалкам  польскіх.  Але,  як  сцвярджаюць  беларусы,  польскі  клір,  які  абслугоўваў  усе  важнейшыя  парафіі,  заўжды  рабіў  так,  каб  беларускія  святары  былі  прызначаныя  да  парафіяў  польскіх  альбо  літоўскіх  і  не  маглі  працаваць  для  беларусаў.  Яны  прапаведуюць  добра  па-расейску,  але  робяць  карыкатуру  з  гэтае  мовы,  бо  ня  ведаюць  яе  і  ня  лічаць  яе  за  мову,  робяць  з  яе  суржык,  у  якім  няма  нічога  агульнага  з  прынцыпамі  граматыкі  і  стылістыкі  гэтае  мовы.
Праваслаўныя  схільныя  да  прысваеньня  ўсяго  нацыянальнага  пытаньня,  каб  прыцягваць  да  сябе  ўсіх  русінаў  каталікоў.  Яны  атрымалі  ад  маскоўскай  патрыяршай  царквы  мітрапаліта  і  некалькіх  епіскапаў  ды  аўтаномію,  якую  яны  называюць  аўтакефаліяй  і  прыхоўваюць  перад  народам  і  клірам  расейскі  характар  іхняе  працы,  ды  прапагандуюць  патрыятычныя  ды  антыкаталіцкія  ідэі.  На  іхнюю  думку,  беларускі  народ  страціў  сваю  нацыянальную  еднасць  у  часы  Берасцейскае  Ўніі.  Тая  Ўнія  падзяліла  краіну  на  дзве  партыі:  уніяты  ды  праваслаўныя.  У  сваю  чаргу  ўніяты,  пераходзячы  на  лацінскі  абрад,  падзялялі  каталіцкую  партыю  беларусаў  на  дзве  групоўкі.  З  гэтага  вынікае,  на  думку  праваслаўных,  што  патрэбна  было  б  вярнуцца  да  традыцыі  беларускай  адной  нацыянальнасці  ды  аднаго  праваслаўнага  веравызнаньня.  Такі  спосаб  прадстаўленьня  Ўніі  заснаваны  на  гістарычнай  брахне.  Пасля  Берасцейскае  Ўніі,  дзякуючы  працы  св.  Язафата,  мітрапаліта  Руцкога  ды  іхніх  паслядоўнікаў,  усе  беларусы  сталі  ўніятамі.  Аднаўленьне  праваслаўнай  ерархіі  за  ўладаю  польскага  караля  Ўладзіслава  IV,  перамагло  ва  Ўкраіне,  але  засталося  зусім  няўлалым  у  Беларусі.  Адзіны  ахіепіскап  Беларусі,  супраціўнік  св.  Яафата,  Мяленці  Сматрыцкі,  які  навярнуўся  да  Ўніі,  пакінуў  сваю  епархію  ў  Полацку  і  ня  меў  наступнікаў.  Падзел  беларусаў  на  дзве  і  тры  розныя  канфэсіі,  што,  без  сумніву,  ёсць  няшчасцем  для  гэтага  беднага  народу,  вынікаў  з  палітыкі  ды  пераследу  Кацярыны  ІІ  ды  Мікалая  І.  Кацярына  ІІ  прымусіла  леппшыя  элемэнты  таго  народу  перайсці  на  лацінскі  абрад,  каб  зберагчы  сваю  веру.  Мікалай  І  ды  здраднік  Сямашка  прымусілі  ўніятаў  ня  йсці  ў  схізму  або  хутчэй  пагадзіцца  з  тым,  каб  лічыць  іх  праваслаўнымі.  Аднаўленьне  еднасці  цэркваў  было  бы  спантанным  ды  агульным,  калі  б  Польшча  не  распачала  бы  новых  пераследаў  беларусаў  лацінскага  абраду  ды  праваслаўных,  што  вярталіся  да  Ўніі.  Калі  ў  тых  землях,  якія  св.  Язафат  ды  Іосіф  Руцкі  прыядналі  да  Ўніі  сваёю  працаю  ды  смерцю,  Унія  зрабіла  такі  малы  поступ,  што  здаецца,  што  яна  зусім  знікла,  прычынаю  гэтага  ёсць  тое,  што  пекла  згуртавала  ў  гэтым  адным  пытаньні  ўсе  магчымыя  цяжкасці  і  на  гэты  час  здаецца  перамагаючым.
Пытаньне  аб  тым,  як  уратаваць  Унію  ўжо  больш  амаль  ня  ставіцца.  Галоўнае  зараз  гэта  ўратаваць  каталіцкую  веру  беларусаў  лацінскага  абраду,  ствараючы  для  ніх  у  каталіцкай  царкве  прынамсі  тыя  самыя  магчымасці  дзеля  развіцця  іхняга  нацыянальнага  жыцця,  якімі  карыстаюцца  праваслаўныя.
Калі  я  закранаю  гэтае  пытаньне,  то  таму,  што  немагчыма    каб  каталіцкая  вера  ды  Ўнія  сталі  прыхільныя  русінам,  пакуль  русіны  лацінскага  абраду  знаходзяцца  ў  руках  кліру  варожага  гэтай  нацыянальнасці,  ды  які  праз  свой  патрыятызм  ня  хоча  й  ня  можа  дазволіць  беларусам  лацінскага  абраду  быць  народам.  Для  польскіх  патрыётаў,  заўжды  шавіністычных  і  перасадных  мова  йдзе  пра  правінцыю,  якую  трэба  заваяваць  для  Польшчы  моцаю  польскае  нацыянальнасці,  наданай  альбо  накінутай  русінам.
Таму,  калі  я  прадстаўляю  жаданьні  ды  вымаганьні  беларусаў  лацінскага  абраду,  гэта  толькі  для  таго,  каб  інфармаваць  Вашую  Эмінэнцыю  пра  патрэбы  Ўніі  ў  гэтае  краіне.  Калі  магчыма,  Вашая  Эмінэнцыя  магла  б  мець  нейкі  ўплыў  на  намінацыю  лацінскіх  епіскапаў,  я  не  сумняваюся  ў  тым,  каб  Вы  вельмі  жадалі  дапамагчы  гэтаму  беднаму  народу  атрымаць  епіскапа  сваёй  нацыянальнасці.  Гэтага  беларусы  жадаюць  перш  за  ўсё  і  гэта  ёсць  найбольш  патрэбным  для  Вуніі  ў  гэтых  землях.
Увогуле,  вельмі  сумна  казаць  пра  тое,  што  ў  ХХ  стагоддзі  каталіцкая  нацыя,  якая  складаецца  прыблізна  з  трох  мільёнаў  душаў,  яшчэ  павінна  лічыць  епіскапа  сваёй  нацыянальнасці  ідэалам,  якога  ня  можа  асягнуць.  У  першую  чаргу  беларусы  жадаюць  мець  епіскапа  сваёй  нацыянальнасці,  бо  патрабуюць  кліру  сваёй  нацыянальнасці.  Усе  яны  перакананыя,  што  ніколі  ня  будуць  мець  свайго  кліру,  пакуль  епіскапскія  пасады  будуць  занятыя  супраціўнікамі  і  ворагамі  беларускага  народу,  бо  епіскапы  маюць  дастатковы  ўплыў  на  тое,  каб  не  дапусціць  да  святарства  дастатковую  колькасць  русінаў.  Малыя  ды  вялікія  сэмінарыі  будуць  мець  заўжды   як  падаецца   кандыдатаў  польскага  паходжаньня,  а  русіны  спаланізаваныя,  ці  такія,  якіх  можна  будзе  спаланізаваць,  заўжды  будуць  дастаткова  шматлікімі,  каб  указаць  на  тое,  што  жаданьні  беларусаў  кажуць  толькі  пра  іхні  нацыянальны  шавінізм.
Яшчэ некалькі статыстычных дадзеных:
Колькасць  каталікоў  абодвух  абрадаў  дасягае  трох  мільёнаў.  Сярод  іх  ёсць  таксама  спаланізаваныя  беларусы.  Яны  лічаць,  што  пры  спрыяльных  умовах  шмат  з  гэтых  палякаў-беларусаў  вернуцца  назад  да  сваёй  нацыянальнасці.  Калі,  нягледзячы  на  такія  цяжкія  абставіны,  русінскі  святар  можа  працаваць  для  свайго  народу,  бывае,  што  тыя  русіны,  якія  ўжо  цалкам  сталі  палякамі,  лёгка  вяртаюцца  да  мовы  ды  звычаяў  сваіх  бацькоў.  Яны  вераць,  што  русіны  лацінскага  абраду  маглі  б  лёгка  вярнуцца  да  візантыйска-славянскага  абраду.  Калі  ўзгадаем,  што  апошнія  навяртаньні  з  праваслаўя  адбываліся  на  пачатку  гэтага  стагоддзя  пасля  дэкрэту  пра  талеранцыю  з  1905  году  і  што  яны  перайшлі  на  лацінскі  абрад,  ня  ведаючы,  што  яны  мелі  права  зберагчы  свой  абрад,  але  без  магчымасцяў  зрабіць  гэтае  праз  брак  кліру  і  праз  прапаганду  польскага  кліру,  здаецца,  што  было  б  цалкам  справядліва,  каб  бадай  ці  апошнія  маглі  ў  гэтых  абставінах  вярнуцца  да  таго  абраду,  якога  яны  не  пакінулі  б  у  нармалёвых  абставінах.  Тыя,  якія  перайшлі  на  лацінскі  абрад  у  часы  цараваньня  Кацярыны  ІІ,  маглі  б  вярнуцца  да  свайго  абраду  паступова,  бо  яны  былі  змушаныя  пакінуць  усходні  абрад,  але  на  гэты  час  здаецца  за  лепшае  не  кранаць  гэтага  пытаньня  і  пакінуць  лацінскіх  каталікоў  у  іх  лацінскім  абрадзе.  Калі  б  яны  мелі  святароў  лацінскіх  русінаў,  яны  б  бадай  маглі  б  жыць  бяз  страху  пра  тое,  што  могуць  страціць  свае  традыцыі  ды  нацыянальную  мову.  Яны  нават  маглі  б  прыпыніць  працэс  паланізацыі  ды  памагчы  зпаланізаваным  русінам  паступова  вярнуцца  да  традыцый  сваіх  бацькоў.  Такім  чынам,  лацінскія  каталікі  дамагліся  б  сымпатый  беларускіх  патрыётаў  ня  толькі  для  сябе,  але  таксама  і  для  каталіцкае  царквы.
Ёсць  прыблізна  сто  расейскіх  святароў,  з  якіх  палова  з’яўляюцца  шчырымі  беларусамі,  другая  палова   больш-меньш  спаланізаваная.  Паміж  гэтых  50  святароў  лёгка  было  б  знайсці  людзей  годных  каб  стаць  епіскапам.  Некалькі  вельмі  добрых  марыйскіх  святароў  і  некалькі  свецкіх  святароў  вызначыліся  сваімі  ведамі  і  чэснотамі.  Я  назаву  толькі  некаторыя  імёны  свецкіх  святароў:  д-р  Тарасевіч,  Германовіч,  Станкевіч,  Бетэ,  Гадлеўскі,  Цвэцке,  Татарынскі  ды,  найперш,  архімандрыт  Абрантовіч,  калі  ён  яшчэ  жывы. 
Узгадваючы  гэтае  прозвішча,  мне  патрэбна  нагадаць  Вашае  Эміненцыі  аб  тым,  што  я  пісаў  некалькі  разоў  яшчэ  пры  бальшавіках,  ня  ведаючы,  ці  мой  ліст  дайшоў  да  Рыму.  Калі  ў  верасні  1939  году  пачалася  вайна,  архімандрыт  Абрантовіч  знаходзіўся  ў  польскай  Літве  і  дзеля  таго  каб  вярнуцца  якнайхутчэй  да  Рыму,  ён  думаў  пераехаць  праз  Львіў  і  Вугоршчыну.  Вайсковыя  падзеі  змусілі  яго  спыніцца  ў  Львіве.  Пры  бальшавіках  ён  жыў  у  маёй  хаце  больш  як  месяц.  Тады  вырашыў  рушыць  да  мяжы.  Немцы  яго  ня  ўпусцілі:  пераходзячы  зноў  бальшавіцкую  мяжу,  ён  быў  арыштаваны  і  мы  згубілі  ўсялякую  ведамасць  пра  гэтага  годнага  і  добрага  святара.  Нехта  казаў,  што  ён,  мабыць,  быў  неасцярожным,  аддаючы  аднаму  жыду  ангельскія  фунты,  а  гэта  выклікала  падазор  і  магло  стацца  прычынаю  ягонага  арышту. 
Я  назваў  імёны  найлепшых  беларускіх  святароў,  тамушта  менавіта  з  іх  трэба  было  б  шукаць  кандыдатаў  на  пост  экзарха  і  кандыдатаў,  якія  б  лёгка  перайшлі  на  ўсходні  абрад  і  былі  б  узорнымі  працаўнікамі  для  Ўніі.  Гэта  таксама  з'яўляецца  адной  з  прычынаў,  чаму  можам  спадзявацца  на  аднаўленьне  беларускае  Ўніі,  я  маю  на  ўвазе  сімпатыю  лацінскіх  святароў  і  выбар,  які  мог  бы  быць  зроблены  паміж  іх,  добрых  апосталаў  для  справы  Ўніі.
На  гэты  час  толькі  дзве  царквы  маюць  русінскага  настаяцеля:  у  Вільні  ды  Варшаве.  На  землях  Беларусі,  якія  належылі  саветам,  няма  беларускіх,  каталіцкіх  святароў.  У  Менску  немцы  арыштавалі  чатырох  святароў,  а  астатнім  загадалі  пакінуць  краіну.  Ёсць  пэўная  колькасць  русінскіх  эмігрантаў  у  Польшчы.  Немцы  не  дазваляюць  ім  вярнуцца  да  сваёй  краіны.
Тады,  калі  праца  лацінскіх  каталікоў  ёсць  альбо  немагчымаю  для  добрага  святара,  альбо  кампраментуючаю  для  каталіцкае  справы  перад  праваслаўнымі  русінамі,  праваслаўныя  працуюць  з  запалам  у  антыкаталіцкім  напрамку.  Яны  выдаюць  цэлы  шэраг  папулярных  брашураў,  каб  выклікаць  у  як  мага  больш  шырэйшых  масаў  беларусаў  антыпатыю  да  каталіцкай  веры.
Кажучы  аб  гэтым,  можна  таксама  ўзгадаць,  што  кніжкі,  напісаныя  лацінскімі  каталікамі,  заўсёды  друкуюцца  літарамі  лацінскае  азбукі,  тады  як  праваслаўныя  карыстаюцца  заўсёды  расейскаю  азбукаю.
Літаратура  каталікоў  есць  безумоўна  значна  здаравейшаю  ды  лепшаю  з  усіх бакоў,  але  польскі  клір  не  карыстаецца  з  яе  і  жадае  прапагандаваць  папулярную  польскую  літаратуру.  Русінская  інтэлігенцыя,  нават  каталіцкая,  ставіцца  негатыўна  да  польскага  кліру,  і  ня  маючы  русінскіх  святароў,  акряма  зусім  выключных,  паступова  трацяць  веру,  становяцца  ўсё  больш  індэферэнтнымі.  Ня  маючы  добрых  казаньняў,  рэўнасных  душпастараў  свайго  народу,  яны  патроху  паддаюцца  ўплыву  атэізму,  камуністаў  ды  праваслаўных  (членаў)  русінскай  ерархіі.
Вось  што  я  лічыў  патрэбным  прадставіць  у  якасці  інфармацыі  для  Вашае  Эміненцыі.  На  заканчэньне  я  даручаю  бедны  народ  Вашым  Святым  Малітвам.
Кланяючыся  перад  Святым  Пурпурам,  я  застаюся  найніжшым  слугою  Вашае  Эміненцыі
Андрэй, Архіепіскап

P.S.  Нарэшце  атрымаў  я  паведамленьне  з  адпаведнага  бюро  ў  Бэрліне,  што  а.  Антоні  Неманцэвіч  знаходзіцца  ў  Альберціне.

Папулярныя артыкулы